Беларуская Служба

Расійскае кіраўніцтва ўзбурылася на тэорыю эвалюцыі

23.09.2024 15:21
Крэмль актывізуе абалваньванне грамадства, каб кантраляваць людзей у сітуацыі замарожвання вайны ва Украіне, перакананы эксперт.
Аўдыё
  • Эксперт: Расіі не патрэбныя навуковыя тэорыі
           .
Уладзімір Пуцін размаўляе з дырэктарам Нацыянальнага даследчага цэнтра імя Курчатава пра навуку. Ілюстрацыйны здымакEPA/ALEXANDER KAZAKOV / SPUTNIK / Dostawca: PAP/EPA.

У сённяшняй Расіі рэгулярна з’яўляюцца навіны пра тое, што расійскае чынавенства шукае, што б яшчэ забараніць у галіне адукацыі. Журналісты нават вядуць хроніку расійскіх чынавенскіх абсурдаў. Сярод апошніх «інавацый» з расійскіх вярхоў выдзяляецца чачэнска-праваслаўная ініцыятыва – забараніць тэорыю Дарвіна, як супярэчлівую з рэлігіяй ды спрыяльную разбэшчванню дзяцей.

Былы прэм'ер-міністр Чачні, а цяпер памочнік кіраўніка расійскага ўраду Муслім Хучыеў выступіў з заявай пра памылковасць тэорыі Дарвіна. Нібыта яна спрыяе «духоўнаму разбэшчванню дзяцей». У звязку з чым чыноўнік прапанаваў міністру асветы выкрасліць тэорыю Дарвіна са школьных падручнікаў.

Расійскае міністэрства пакуль не адрэагавала, але гэта не першая прапанова забараніць тэорыі Дарвіна ў Расіі.

У снежні мінулага года з падобнай прапановай выступіла кіраўнік дырэкцыі аналітычных праграм медыяхолдынгу «Заря» і вядоўца праваслаўнага канала Ганна Шафран, назваўшы тэорыю эвалюцыі Дарвіна «шкоднай і небяспечнай».

У РПЦ хуценька падтрымалі ідэю выкрасліць са школьнай праграмы тэорыю Дарвіна. На думку cтаршыні Патрыяршай камісіі РПЦ па пытаннях сям'і Лук'янава, яна патрэбна для англасаксаў і абгрунтоўвае заваяванне непаўнавартасных народаў.

У адказ на гэта ў расійскіх сацыяльных сетках з'явіліся каментары пра тое, што Расія прыспешыла сваё падзенне ў балота цемрашальства.

Чаму атака на агульнапрызнаную навуковую тэорыю адбываецца ў краіне , якая абвясціла сябе нашчадкам СССР, які ставіў на развіццё навукі. Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.

- Сённяшняму расійскаму кіраўніцтву патрэбны новы «опіум для народа», іншых ідэалагічных наратываў расійскія эліты прыдумаць не могуць. Таму на афіцыйным узроўні Крэмль абапіраецца на праваслаўную царкву ды іншыя веравызнанні, у тым ліку мусульманства, дзе на першым месцы падпарадкаванне сістэме ўлады, а таксама змаганне з заходнімі ідэалогіямі. Апроч таго Расія прасоўвае сваё месіянства, што нібыта ратуе свет ад бездухоўнасці. Масква гэта робіць, падтрымліваючы праваслаўную царкву. РПЦ сёння выдзяляецца сваімі прымітыўнымі поглядамі на свет, яна стала фундаментам для маніпуляцыі расійскім грамадствам. У Расіі ўлады праз царкву прышчапляюць грамадству антынавуковыя фундаменталісцкія погляды на жыццё і свет.

Як з такім падыходам Расія збіраецца перамагаць у вайне з Захадам, якую яна нібыта вядзе. Для гэтага патрэбныя тэхналогіі?

-  Пуціна ды яго атачэнне не хвалюе, што будзе далей. Ім цяпер вельмі важна не тое, каб перамагчы ў вайне, зараз гэта фактычна немагчыма, ім важна купіраваць непрыемныя для Пуціна грамадскія працэсы. Калі прыйдзецца спыніць на нейкім этапе вайну без дасягальнай перамогі, неабходны механізму кіравання грамадствам, каб не дапусціць да сацыяльна-палітычнага выбуху. Гэта можна зрабіць праз абалваньванне дзяцей. Гэтым у Расіі цяпер займаецца царква. За апошнія 30 год у Расіі пабудавана 30 тысяч цэркваў, а колькасць школ і шпіталяў наадварот скарацілася.

Юры Ліхтаровіч